Искать

Калядныя Апельсіны

Новы год і Каляды праляцелі хутка, але рэха свята ўсё яшчэ працягвае гучаць у чарадзе будняў. Цёплыя і прыемныя ўспаміны засталіся пасля спектакля “Калядныя апельсіны”. Сценарый гэтага спектакля напісаны настаўнікам англійскай мовы С.В.Кавалевіч на сюжэт амерыканскага фільма з такой жа назвай (рэжысёр Джон Лойд). Дадзеная пастаноўка не толькі калядная, у ёй паказана жыццё дзяцей-сірат, а мараль заключаецца ў тым, што дабрыння, любоў і спачуванне заўседы мацнейшыя за зло, нянавісць і раўнадушша. Менавіта таму яна не губляе сваёй актуальнасці і ў наш час. Згуртаваная каманда юных, творчых і неверагодна таленавітых артыстаў стварыла ўнікальны, светлы, павучальны спектакль. Да пачатку прадстаўлення было цікава і разам з тым хвалююча: наколькі поўна школьнікам удасцца увасобіць ідэю ў жыццё, ці атрымаецца ў іх адчуць і правільна сыграць свае ролі, стварыць складаную, парою трагічную атмасферу.У выніку прагляду ўсе засталіся пад вялікім ураджаннем ад спектакля.